Мы падрыхтавалi інструкцыі, рэкамендацыі і кантакты, якія могуць дапамагчы ў абранай вамі краіне і сытуацыі.
Калі вы — жанчына і вы ці ваша дзіця сутыкаецеся з хатнім гвалтам, вам можа дапамагчы план па асабістай бяспецы — ён знаходзіцца па гэтай спасылцы. У ім распавядаецца, што вы можаце зрабіць, каб ваша жыццё было больш бяспечным.
Памятайце: калі вы сутыкнуліся з гвалтам, у гэтым няма вашай віны. Ужываць гвалт ці не — гэта заўсёды выбар агрэсара, які не залежыць ад вас.
— Што рабіць, калі дзіця зазнае гвалт?
Калі вы самі — дзіця, якое сутыкнулася з гвалтам, ці пацярпела ваша дзіця, ці вы бачыце, што нейкае дзіця церпіць ад гвалту, можна звярнуцца ў праваахоўныя органы, а таксама спецыялізаваныя дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, якія займаюцца абаронай дзяцей (іх кантакты можна знайсці ў інтэрнэце). Таксама можна паспрабаваць звярнуцца па дапамогу ў дабрачынныя і рэлігійныя арганізацыі.
— Што будзе з дзіцём, калі звярнуцца ў паліцыю?
У розных краінах сістэма аховы дзяцей працуе па-рознаму. Хто будзе прадстаўляць інтарэсы дзіцяці ў праваахоўных органах і медыцынскіх установах, ці могуць дзіця забраць з сям’і, калі бацькі ўжываюць гвалт, як гэта будзе адбывацца — усё гэта залежыць ад нацыянальнага заканадаўства той краіны, дзе вы знаходзіцеся.
У любым выпадку, Канвенцыя ААН па правах дзіцяці замацоўвае, што дзяржавы-ўдзельніцы павінны прымаць усе неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, сацыяльныя і асветныя меры з мэтай абароны дзіцяці ад усіх форм фізічнага або псіхалагічнага гвалту, абраз або злоўжывання, адсутнасці клопату або нядбайнага абыходжання, грубага звароту або эксплуатацыі, уключна з сэксуалізаванай эксплуатацыяй, з боку бацькоў, законных апекуноў або любой іншай асобы, якая клапоціцца пра дзіця. Таму, калі вы звернецеся ў праваахоўныя органы, яны абавязаны будуць абараніць дзіця. Таксама ў некаторых краінах дзецям, якія зазналі гвалт, надаецца бясплатная юрыдычная, сацыяльная, псіхалагічная і іншыя віды дапамогі.
Пры складанні інструкцый мы спадзяваліся на дапамогу валанцёраў і юрыстаў з розных краін. Калі нешта пайшло не так – вам не адказала арганізацыя, вы выявілі памылку або інструкцыі былі недастаткова дакладныя – раскажыце нам пра гэта. Напішыце на адрас: help@labirint.online